Аб кансультацыях паміж МЗС Беларусі і Нарвегіі
29.01.2020 г.28 студзеня 2020 г. у г.Осла ў рамках візіту намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алега Краўчанкі ў Каралеўства Нарвегія адбыўся чарговы раунд кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Нарвегіі. Папярэднія кансультацыі адбыліся ў снежні 2018 г. у г.Мінску.
Нарвежскую дэлегацыю ўзначаліў Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Аўдун Халворсэн.
У рамках кансультацый працягнуты дыялог па актуальных пытаннях беларуска-нарвежскіх адносінаў, уключаючы стан і перспектывы развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, фарміравання дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, у першую чаргу, у АБСЕ і ААН. У ходзе перагавораў былі разгледжаны пытанні рэгіянальнага парадку дня і міжнароднай бяспекі, развіцця адносін з Еўрапейскім саюзам, Саветам Еўропы, трэцімі краінамі.
Адзначана значная актывізацыя беларуска-нарвежскага ўзаемадзеяння ў апошнія гады, у тым ліку ў галіне гандлю. Бакі канстатавалі ўзаемавыгадны і збалансаваны характар тавараабароту, падкрэслілі намер сумеснымі намаганнямі вырашаць праблемы якія ўзнікаюць, а таксама выкарыстоўваць існуючыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва.
З улікам нядаўняга падпісання пагадненняў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы ў максімальна сціснутыя тэрміны аналагічных дакументаў паміж Беларуссю і Нарвегіяй. Бакі таксама віталі мэтанакіраваныя намаганні профільных ведамстваў дзвюх краін па ўзгадненні праекта дагавора аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі і абмене інфармацыяй аб ядзерных устаноўках.
Напярэдадні кансультацый А.Краўчанка выступіў на беларуска-нарвежскім бізнес-сняданку. Асноўнай тэмай мерапрыемства, арганізаванага пры садзейнічанні кампаніі «IBA Group», стаў экспарт беларускіх ІТ-паслуг у Нарвегію. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў дзелавых колаў Нарвегіі, у тым ліку кіраўніцтва Нарвежскага інвестыцыйнага фонду для Паўночнага Захаду Расіі і Усходняй Еўропы. У прысутнасці намесніка кіраўніка МЗС і паслоў дзвюх краін адбылася цырымонія падпісання пратакола аб супрацоўніцтве паміж Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй і нарвежскай кампаніяй «Nordic Molecule Group AS» у галіне вытворчасці і рэалізацыі камбікармоў для рыб і іншай біятэхналагічнай прадукцыі.