:

Палітычны дыялог

Швецыя адной з першых прызнала незалежнасць Беларусі (19 снежня 1991 г.). 14 студзеня 1992 г. падчас візіту ў Беларусь Міністра замежных спраў Швецыі М.Углас было падпісана Пагадненне аб усталяванні дыпламатычных адносін. 

У 1997 годзе адбыўся візіт у Стакгольм Міністра замежных спраў Беларусі Антонавіча І.І. У 2003 годзе Швецыю наведала беларуская дэлегацыя на чале з Першым намеснікам Прэм'ер-міністра Сідорскім С.С.

Пасольства Беларусі адкрылася ў Стакгольме ў лістападзе 1999 г. Аддзяленне шведскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску пачало працу ў лістападзе 2003 г., у снежні 2007 г. у Беларусі адкрылася паўнавартаснае Пасольства Швецыі.

Пасля беларуска-шведскага дыпламатычнага крызісу 2012 года на працягу некалькіх гадоў адзначалася пахаладанне ў двухбаковых адносінах.

У верасні 2015 г. адбылася сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Швецыі ў рамках саміту ААН у Нью-Ёрку. Кіраўнікі МЗС сустракаліся ў гэтым фармаце таксама ў 2016, 2017 і 2019 гадах.

З лістапада 2016 г. Беларусь аднавіла дыпламатычную прысутнасць у Швецыі.

У кастрычніку 2017 г. новы Пасол Швецыі К.Юханесан уручыла даверчыя граматы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

                                                                                                                                                   Фота: БелТА

15 лістапада 2017 г. адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця Пасольства Беларусі ў Швецыі з удзелам намесніка Міністра замежных спраў Беларусі Краўчанка А.І. і Дзяржаўнага сакратара МЗС Швецыі па пытаннях ЕС і гандлю О.Стэнстрёма.

У красавіку 2018 г. у Мінску адбылася сустрэча намесніка Міністра А.Краўчанкі з Дзяржаўным сакратаром МЗС Швецыі па пытаннях ЕС і гандлю О.Стэнстрёмам.

10-13 чэрвеня 2018 г. А.Краўчанка наведаў Стакгольм для ўдзелу ў канферэнцыі Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (СІПРІ) «Managing complexity: Addressing societal security challenges in the Baltic Sea region». У рамках візіту былі праведзены яго сустрэчы з Дзяржсакратаром МЗС Швецыі А.Сёдэр і спікерам парламента У.Алiнам.

14 чэрвеня 2018 г. Пасол Беларусі ў Швецыі Д.Мірончык уручыў даверчыя граматы Каралю Швецыі. Такім чынам, пасля шасцігадовага перапынку бакі аднавілі ўзаемную дыпламатычную прысутнасць на ўзроўні паслоў.

                                                                                      Фота: Kungl. Hovstaterna, foto Sanna Argus Tirén

Аднаўленне работы дыпмісій у Стакгольме і Мінску з'явілася каталізатарам актывізацыі двухбаковых сувязяў па ўсіх напрамках.

Так, у траўні 2019 г. дэлегацыя на чале з Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Худыком А.П. наведала Швецыю з рабочым візітам. Падчас сустрэчы кіраўніка Мінпрыроды Беларусі з Намеснікам Прэм'ер-міністра — Міністрам навакольнага асяроддзя і клімату І.Лёвін кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў дзвюх краін дамовіліся актыўна супрацоўнічаць у сферы экалогіі і барацьбы са зменай клімату.

9-10 снежня 2019 г. Швецыю наведаў Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аўраменка А.М. Адбылася яго сустрэча з Міністрам інфраструктуры Швецыі Т.Энератам.

5-6 лістапада 2019 г. у Стакгольме прайшлі мерапрыемствы высокага ўзроўню з нагоды 10-гадовага юбілею ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства». Для ўдзелу ў іх і сустрэч з шведскім калегам і спікерам парламента Швецыю наведаў Міністр замежных спраў Беларусі Макей У.У. У рамках мерапрыемстваў адбылася сустрэча члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Нацыянальнага каардынатара па дасягненню ЦУР Шчоткінай М.А. з Міністрам па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця П.Эрыксанам, у парламенцкім кампаненце на раўнапраўнай аснове ўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

25 лістапада 2019 г. адбыўся візіт у Беларусь Міністра замежных спраў Швецыі А.Ліндэ сумесна з Міністрам замежных спраў Фінляндыі (якая старшынявала ў Савеце ЕС) П.Хаавіста, якія былі прынятыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Візіт адбыўся ўпершыню пасля больш чым 20-гадовага перапынку.

                                                                                                                                  Фота БелТА

19-20 лютага 2020 г. беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра транспарту і камунікацый Івановым А.М. прыняла ўдзел у 3-й Міжнароднай міністэрскай канферэнцыі па бяспецы дарожнага руху «Дасягненне глабальных мэт да 2030 года» ў г.Стакгольме. Пад час мерапрыемства адбылася трохбаковая сустрэча намеснікаў міністраў транспарту Беларусі, Швецыі і Латвіі для абмеркавання сумесных праектаў у сферы лагістыкі.

2 красавіка 2020 г. па ініцыятыве шведскага боку адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком МЗС Швецыі Анн Ліндэ. Абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, адзначана важнасць салідарных падыходаў і сумесных намаганняў па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса. У ходзе гутаркі А.Ліндэ падзякавала беларускага калегу, а таксама авіякампанію «Белавія» і калектыў МЗС Беларусі за садзейнічанне ў вяртанні больш за 70 грамадзян Швецыі з Турэцкай Рэспублікі.

18 жніўня 2020 г. па ініцыятыве шведскага боку адбылася тэлефонная размова кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Швецыі. Суразмоўцы абмяняліся меркаваннямі аб развіцці сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі і вакол яе пасля выбараў.  

1-3 снежня 2021 г. адбыўся візіт Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Швецыю для ўдзелу ў 28-м пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ. У рамках мерапрыемства адбылася сустрэча са старшынёй АБСЕ, Міністрам замежных спраў Швецыі А.Ліндэ.

У цяперашні час падыходы Швецыі да развіцця палітычнага дыялогу з Беларуссю фарміруюцца ў адпаведнасці з агульнай лініяй Еўрапейскага саюза ў дачыненні да нашай дзяржавы. Афіцыйны Стакгольм падтрымаў увядзенне санкцый супраць Беларусі.

У выніку крызісу ў адносінах з краінамі Захаду скарацілася колькасць беларуска-шведскіх кантактаў на ўсіх узроўнях, па асобных напрамках яны поўнасцю прыпынены. Беларускі бок працягвае выступаць за развіццё канструктыўных адносін з усімі міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку Швецыяй, і заклікае адмовіцца ад канфрантацыйнай палітыкі, накіраванай супраць інтарэсаў народа Беларусі.

 

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці